Лех Валэнса (Lech Wałęsa) хацеў «другую Японію». Праз дзясяткі гадоў яго мара, здаецца, спаўняецца – піша Forsal. Праз некалькі дзён пасля рэгістрацыі прафсаюза «Салідарнасць» у 1980 годзе яго лідар Лех Валэнса заявіў пра намер пабудаваць у Польшчы «другую Японію». За гэтыя словы над ім насміхалася камуністычная прапаганда. Газеты пісалі, што палякі хочуць жыць, як японцы, але не працуюць так самааддана. Гучалі закіды, што абяцанні «Салідарнасці» — гэта пустыя мары, а краіна сядзіць у вялікай яме даўгоў і дэфіцыту.
З рэзкімі заявамі выступаў прадстаўнік партыйнага «бетону», кіраўнік Польскай Аб'яднанай Рабочай Партыі ў Катавіцах Анджэй Жабіньскі: «Гэтая агідная гульня палягае ў тым, каб увесь час патрабаваць усё больш, каб дзяржава ўсё давала, грэла ў халодныя дні... Тыя, хто хочуць захапіць уладу, абяцаюць усё — напрыклад, будзем другой Японіяй...». З дакументаў, раскрытых пасля падзення ПНР, стала вядома, што Жабіньскі быў кандыдатам Масквы на пераемніка Войцеха Ярузэльскага, калі б той не здолеў утрымаць сітуацыю пад кантролем.
Прайшлі гады. Апошнія эканамічныя дадзеныя паказваюць, што лозунг Валэнсы становіцца рэальнасцю. Прэм’ер-міністр Дональд Туск абвяшчае: у 2025 годзе польская эканоміка зойме 20-е месца ў свеце, апярэдзіўшы Швейцарыю. Больш за тое — купляльная здольнасць палякаў нават вышэйшая, чым японцаў.
У часы Польскай Народнай Рэспублікі (PRL) словы Валэнсы сталі сімвалам наіўнасці. А сёння — гэта сімвал доўгатэрміновай перамогі. З індустрыяльнай пустэчы, ідучы праз шокавую тэрапію і крызісы, Польшча ўсё ж дасягнула таго, што калісьці здавалася фантастыкай.
Forsal/нг